Чэсць спадарству!
Як да круткіх зігзагаў лёсу, так і да буйнамаштабных гістарычных разломаў часцяком могуць прывесці, на беглы пагляд, зусім нязначныя мгненні, дзеі, чыннікі. Выпадкова трапіўшая ў вока каню пылінка і збытняе мірганне маглі каштаваць жыцця вершніку, а ў працяг – пагібелі ўсёй харугвы, разгрому войска, паразе ў вайне. Маленькая кропля дажджу магла стаць той апошняй, што канчаткова падмыла той каменьчык, які зрушыў тую каменную горную звалу, якая запрудзіла раку, змяніла яе плынь, якая вызначыла новыя водныя шляхі, людскія камунікацыі й лакацыі… І ўрэшце – ход гісторыі. Гэтак званы “эфект матылька”, апісаны шчэ фантастам Рэем Брэдберы.
Славутая гісторыя Беларусі – гэта найцікавейшы шматпраяўны летапіс. Годны і гераічны, шмат у чым і дагэтуль таямнічы. Недзе пераможны, а недзе трагічны. Недзе будзённы, а недзе амаль мастацкі.
“Апостраф” не ставіць сабе за мэту сухое навуковае, энцэклапедычнае паглыбленне ў сівую даўніну. Не прытрымліваючыся жорсткай храналёгіі ды сумных штампаў, “А” проста прапануе вам гістарычны дапаможнічак. Кшталту кніжачкі з некалі папулярнай стыльнай “джынсавай серыі”. І ў гэты натанік-чытанку мы перыядычна будзем заносіць кароткія нарысы пра нашых слынных продкаў і падзабытых герояў, пра значныя падзеі і маланкавыя эпізоды – ад загадкавых Рагвалода і Ўсяслава Чарадзея да вядомых і не надта постацяў найноўшых часоў, ад утварэння Полацкага княства ці манументальнай Грунвальдскай бітвы да перыпетыяў ХХ стагоддзя.
Узгадаем беларускую гісторыю разам!