нояб 30, 2022

Сонца ў ваконцы, аматары й шанавальнікі прыгожага слова!

Запоем чытаеце кнігі, папяровыя ды электронныя? Давайце дзяліцца ўражаннямі, піарыць і усхваляць разнастайныя жанры і ўлюбёных аўтараў!

Любіце і пішаце вершы на беларускай і рускай мовах? Калі ласка, на Літаратурную старонку «Апострафа»! Тут вы сустрэнеце і спагадлівых, уважлівых чытачоў, і аднадумцаў, і дабразычлівых дарадцаў! А цягам часу, хто ведае – можа, мы напрацуем талакой і на калектыўны літаратурны зборнік пад брэндам «Мінск-Палаца»!

Гамонім пра літаратуру і прапануем свае творы разам з «Апострафам»!

 

І песня мімаволі палілася…

Дырэктар «Мінск-Палаца» спадар Мікалай Казюлін, як і належыць чалавеку на такой пасадзе, адрозніваецца розумам і кемлівасцю. А яшчэ – выдатнымі камунікацыйнымі здольнасцямі і шмат якімі творчымі талентамі. У тым ліку – літаратурнымі. І «Апостраф» мае гэтаму красамоўныя доказы.

Падчас колішняй працы ў Беларускім фондзе культуры, якім тады кіраваў народны пісьменнік Беларусі Іван Чыгрынаў, Мікалай Віктаравіч з прычыны не толькі шырокіх прафесійных абавязкаў, але і няўрымслівасці натуры ды мабільнасці аб'ездзіў з рознымі праектамі і па воклічы сэрца шмат беларускіх гарадоў і мястэчак. І пакідаў там не толькі працоўны плён, але і вершы. Якія сталіся цудоўнымі песнямі.

Не марнуючы залішне словаў і часу, дамо паэтычную пляцоўку «А» першаму аўтару – Міколе Казюліну.

 

Друцк

Стагоддзі праляцелі над зямлёй.

Хоць горад знік, а памяць засталася.

Пяе мая душа, тут край любімы мой,

І песня мімаволі палілася…

         

Радзіма, радзіма, цяпло бацькоўскіх рук,

          У сэрцы ты ў кожнага адзіна.

          Мы вельмі шануем Наваградак і Слуцк,

          Але найлепшы – старажытны Друцк!

 

З табою бавіў вольныя часы,

Табою сэрца будзіць успаміны.

У памяці жывуць дзяцінства галасы,

І ты жывеш, цудоўная радзіма!

 

Радзіма, радзіма, цяпло бацькоўскіх рук,

          У сэрцы ты ў кожнага адзіна.

          Мы вельмі шануем Наваградак і Слуцк,

          Але найлепшы – старажытны Друцк!

 

Стагоддзі праляцелі над зямлёй.

Хоць горад знік, а памяць засталася.

У гэты вечар зноў сустрэўся я з табой,

І песня над палямі разлілася.

 

Радзіма, радзіма, цяпло бацькоўскіх рук,

          У сэрцы ты ў кожнага адзіна.

          Мы вельмі шануем Наваградак і Слуцк,

          Але найлепшы – старажытны Друцк!

          Бывай і да сустрэчы, дружа-Друцк!

          Бывай, мой родны горад, браце Друцк…

 

Карэлічы і Мір

Шум дуброў і гоман ніў, салаўіны гай,

Дзе б не жыў, сваю зямлю ты не забывай.

Кветкі ў лузе, як дыван, як жывы абрус.

Тут заўсёды сябраваў з яўрэем беларус.

 

          Пяю табе, мой родны край,

          Замля бацькоў, жыві і расцвітай!

          Палёт буслоў, рачулак вір,

          Люблю Карэлічы і Мір!

 

Замак-волат у Міры краіну бараніў,

Каб на нашае зямлі кожны добра жыў.

Нарадзіўся чалавек, не зведаўшы прымус.

Песню волі заспяваў з цыганам беларус.

 

          Пяю табе, мой родны край,

          Замля бацькоў, жыві і расцвітай!

          Палёт буслоў, рачулак вір,

          Люблю Карэлічы і Мір!

 

Не зацягне бег падзей у жыццёвы вір.

У сэрцы будуць жыць заўжды Карэлічы і Мір!

Мы накрыем для гасцей ільняны абрус,

Век жыві ды багацей – краіна Беларусь!

 

          Пяю табе, мой родны край,

          Замля бацькоў, жыві і расцвітай!

          Палёт буслоў, рачулак вір,

          Люблю Карэлічы і Мір!

 

Высокае

Ты вядзі нас, дарога, паміж ніў і гаёў,

Да бацькоўскага дома -- там, дзе клёкат буслоў.

Там, дзе кветкі смяюцца, дзе чакае любоў.

Ты вядзі нас, дарога, паміж ніў і гаёў.

         

          Высокае, Высокае – краіна дзіўных сноў,

          Ты блізкае й далёкае,

          Ты город мой, мая любоў!

          Высокае, Высокае, з табою зноў і зноў,

          Ты блізкае й далёкае,

          Ты горад мой, мая любоў!

 

Да цябе, нібы птушка, у мроях лячу.

Прывітанне, мой дружа – зноў табе я крычу!

І заўсёды, мой горад, быць з табою хачу,

Да цябе, нібы птушка, на крылах лячу!

 

          Высокае, Высокае – краіна дзіўных сноў,

          Ты блізкае й далёкае,

          Ты город мой, мая любоў!

          Высокае, Высокае, з табою зноў і зноў,

          Ты блізкае й далёкае,

          Ты горад мой, мая любоў!

 

Дзе матуля люляла, дзе я марыў і рос,

Мне радзіма спявала песню белых бяроз.

Тут мой горад цудоўны, тут спаткаў я свой лёс.

Тут матуля люляла, тут я марыў і рос.

 

Высокае, Высокае – краіна дзіўных сноў,

          Ты блізкае й далёкае,

          Ты город мой, мая любоў!

          Высокае, Высокае, з табою зноў і зноў,

          Ты блізкае й далёкае,

          Ты горад мой, мая любоў!

 

Свидетельство о Государственной регистрации №190884713 от 22.03.2018 г. выдано Минским городским исполнительным комитетом.