нояб 30, 2022

Нязгасная зорка Максіма Багдановіча

Сёння, 9 снежня, спаўняецца 130 год з Дня народзінаў выбітнага беларускага паэта Максіма Багдановіча.

Сусветнае мастацтва ведае адзінкавыя выпадкі, калі склаўшыя крылы на самым узлёце пацалаваныя Богам маладзёны рабіліся, хай і з цягам часу, усенародна прызнанымі майстрамі. І, нягледзячы на кароткі зямны шлях, займалі пачэсны пасаг не толькі ў нацыянальным творчым пантэоне.

Беларусь мае такога творцу. Максіму Багдановічу было ўсяго 25 год, калі ён чыннікам цяжкой хваробы, амаль невылечных на той час сухотаў, пайшоў з жыцця пад небам сонечнай, але чужой чарнаморскай Ялты.

Чвэрць стагоддзя – імгненне для гісторыі і космасу. Аднак і для чалавечага веку гэта невыносна мала. Ты не менш, такой імклівай і заўчасна абарванай жыццёвай і творчай дарогі Максіму Багдановічу хапіла, каб пакінуць найглыбокі, унікальны, яскравы след у літаратуры. Стаць нетыповым, шматпраяўным і актуальным беларускім класікам, адным са стваральнікаў нацыянальнай літаратуры і сучаснай пісьмовай беларускай мовы. Маяком і арыенцірам для паэтычных паслядоўнікаў, шмат хто з якіх лічыў і дагэтуль лічыць Багдановіча амаль эталонным рознапланавым лірыкам. Яго спадчына – залаты фонд нашай культуры. Пры тым што пры жыцці Багдановіч выдаў адзіны вершаваны зборнік – культавы на сёння “Вянок”.

Паэт, перкладчык, публіцыст, літаратуразнаўца, гісторык, крытык, фалькларыст, грамадскі дзеяч – гэта ўсё пра яго. Але перша за ўсё, канешне, -- паэт. Заўважны і з арыгінальнай мастацкай манерай. Так, у галіне мастацкага перакладу дзейнасць Максіма Багдановіча па шырыні і разнастайнасці з’яўляецца беспрэцэдэнтнай. Ён пераклаў на беларускую мову вершы Поля Верлена, Эміля Верхарна, Генрыха Гейнэ, Аляксандра Пушкіна, Фёдара Цютчава, Афанасія Фета, Авідзія, Гарацыя і іншых замежных паэтаў рознай пары. Разам з Янкам Купалам Багдановіч стаўся заснавальнікам нашай пейзажнай і інтымнай лірыкі. А ягоная нізка “Места” з “Вянка” – першы ўзор урбаністычнай беларускай пэзіі. Акром таго Багдановіч першым у беларускай літаратуры ўжыў санеты, трыялеты, рандо ды іншыя класічныя вершаваныя формы, а таксама верлібр.

 

…Калі Максім Багдановіч памёр у Ялце, на крэсле ля ягонага ложка ляжала кніга. А на ёй – надпіс, які аўтар пакінуў мо за гадзіны, а мо і за хвіліны да сыходу ў іншы свет. І гэта таксама ўнікальная з’ява амаль ва ўсёй сусветнай паэзіі.

“Ў краіне сьветлай, дзе я ўміраю,

У белым доме ля сіняй бухты,

Я не самотны, я кнігу маю

З друкарні пана Марціна Кухты”.

Не будзем самотныя і мы. Бо Беларусь мае Максіма Багдановіча.

 

          Зорка Венера

Зорка Венера ўзышла над зямлёю,

Светлыя згадкі з сабой прывяла...

Помніш, калі я спаткаўся з табою,

Зорка Венера ўзышла.

З гэтай пары я пачаў углядацца

Ў неба начное і зорку шукаў.

Ціхім каханнем к табе разгарацца

З гэтай пары я пачаў.

Але расстацца нам час наступае;

Пэўна, ўжо доля такая у нас.

Моцна кахаў я цябе, дарагая,

Але расстацца нам час.

Буду ў далёкім краю я нудзіцца,

У сэрцы любоў затаіўшы сваю;

Кожную ночку на зорку дзівіцца

Буду ў далёкім краю.

Глянь іншы раз на яе, — у расстанні

Там з ёй зліём мы пагляды свае...

Каб хоць на міг уваскрэсла каханне,

Глянь іншы раз на яе...

 

Слуцкія ткачыхі

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, —
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла весна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі.
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскаго узора
Цвяток радзімы васілька.

 

Санет

Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі,
Над хвалямі сінеючага Ніла,
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насення жменю там знайшлі.

Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі.

Вось сімвол твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.

 

Маргарыта МЕСАЛЬЧУК

Свидетельство о Государственной регистрации №190884713 от 22.03.2018 г. выдано Минским городским исполнительным комитетом.