июнь 24, 2022

Кожны замак, пале ці асабняк мае адмысловыя пакоі-гасцёўні для сяброўскіх пасядзелак і нясумнага баўлення часу. Так і сайт нашага самага культурнага з усіх палацаў культуры мусімець утульнае месцайка для задушэўных сустрэч, філасофскіх роздумаў, зарадкі для мазгоў, чытанак-забаўлянак ды іншых цікавостак. І цяпер яно ў віртуальным інтэр’еры “Мінск-Палаца” ёсць – пад шыльдай “Апостраф”!

Жыццё – гэта не толькі патагонны клопат пра акраец надзённы, бясконцыя кар’ерныя вылузванні або назапашванне тлушчоў на канапе пад серыялы ці кампутарныя гулялкі. Яно шматпраяўна віруе і не даруе дрыхоням ды пузачосам абломаўшчыны, спарахнеласці шэрага рэчыва ў галовах і лянотнай абыякавасці ў сэрцах. Дык давайце ўключаць рэжым “real life” і лавіць рознай амплітуды жыццёвыя хвалі, лайф-сёрферы!

Фармат “Апострафа” – адкрыты і рухомы. Гэта і стракаты часопіс, і атмасферная чытальная зала, і тлумная творчая пляцоўка, і “клуб аматараў кніг і пірагоў з бульбяных лупінаў”, і дошка разнамасных абвестак… І нават рынг – чаму не? Таму “А” прапануе не толькі пасіўна гартаць яго, але рабіць і напаўняць – разам, талакой! Дасылайце або прыносце свае цікавыя пісанкі, спевы, вершы, фоты, відосы! Падказвайце тэмы і накірункі! Паведамляйце навіны! Удасканальвайце дызайн! І не абавязкова ў межах раздзелаў “Культура”, “Гістарычны лікбез”, “Літаратурная старонка”, “Цікава ведаць”, “МіксWeek”.

Вы спытаецеся: а чаму, уласна, “Апостраф”? Як сказаў бы на тое Балбес з “Аперацыі “Ы” – а каб ніхто не здагадаўся! І гэта жарт толькі збольшага. Ну а што? Павінна ж быць у назве творчага канцэпту, намеру, ініцыятывы якаясь таямніца! Гэта па-першае. Па-другое, асноўная мова камунікацыяў, стасункаў і падачы “А” – натуральна, беларуская. А ў ёй апостраф – тая самая фічачка, якая надае яе пісьмовай форме адметнасць, розніць яе з бальшынёй іншых. Па-трэцяе, непасрэдна апострафная коска – файны, стыльны лагатып, па дызайнерская модзе мінімалістычная, добра запамінальная значка. Ну і, паўторымся, загадкавасць стапудна мусібыць…

Карацей – паехалі! Чытайце, разважайце, далучайцеся!

Свидетельство о Государственной регистрации №190884713 от 22.03.2018 г. выдано Минским городским исполнительным комитетом.