Заслужаны аматарскі калектыў рэспублікі Беларусь ансамбль народнай песні і музыкі "Шчодрыца" займеў сваю назву ад старадаўняга беларускага свята “Шчадрэц”, “Шчодры вечар”, “Шчодра”, у дзень адзначэння якога калектыў і быў створаны ў 1993 годзе.
У 2008 годзе калектыў атрымаў званне “народнага” і стаў называцца “Народны ансамбль народнай песні і музыкі “Шчодрыца”.
З лютага 2013 года “Шчодрыца” з’яўляецца чальцом Еўрапейскай асацыяцыі фальклорных фестываляў – EAFF.
У складзе калектыва – і студэнты вышэйшых навучальных установаў, і прадстаўнікі розных прафесіяў. У рэпертуары “Шчодрыцы” адлюстраваная багатая і разнастайная песенная і музычнай спадчына беларускага народа. Гэта творы каляндарна-абрадавага цыклу, сямейна-побытавыя, лірычныя і жартоўныя. Музыкі выкарыстоўваюць у сваёй творчасці традыцыйныя для беларускага фальклёру інструменты: дудкі, цымбалы, скрыпкі, гармонікі. А таксама якія забытыя або зніклі з ужытку і сучаснай практыкі: дуду, жалейку, валынку, саломку.
Ансамбль актыўна ўдзельнічае ў беларускіх фестывалях, а таксама прадстаўляе наш фальклёр на міжнародных конкурсах і фэстах у Польшчы, Украіне, Эстоніі, Вугоршчыне, Славакіі, Германіі, Літве, Латвіі, Чэхіі, Расіі.
“Шчодрыца” атрымала Гран-пры і прыз глядацкіх сімпатыяў на IX Фестывалі калядак і пастараляў у Жэшуве (Польшча, 2017), Гран-пры на XI Міжнародным фестывалі “Лета дыялогаў культур” у Восінах (Польшча, 2017). Ансамбль з’яўляецца лаўрэатам ІІІ Рэгіянальнага фестывалю народнай творчасці “Сяброўскі фэст” у Валкавыску (Беларусь, 2017), лаўрэатам IX Міжнароднага фэсту “Лета дыялогаў культур” у катэгорыі “народныя танцы і спевы” у Восінах (Польшча, 2015), лаўрэатам ІІ ступені Міжнароднога фестывалю-конкурсу “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах (Беларусь, 2012), лаўрэтам Міжнароднага фестывалю “Песні без кардонів” у Данецку (Україна, 2011), лаўрэатам І ступені рэспубліканскага фестывалю-конкурсу, прымеркаванага да 100-годдзя з Дня народзінаў Г.Цітовіча (2010), лаўрэатам І ступені ў дзвюх намінацыях Межрэгіянальнага фестывалю-конкурсу творчых моладзевых работ “Крокі” у Кастрычніцкім (2009), лаўрэатам І ступені Першага фестываля народнай творчасці Ленінскага раёна Мінска (2008) і інш…
Мастацкі кіраўнік і хормайстар – Ірына Вакульчык.
Музычны кіраўнік – Сяргей Багуцкі.
Балетмайстар – Алена Шылкіна.
Канцэртмайстар – Аляксей Амбражэвіч.