Май 18, 2024

Святло, якое ў нас

Калі б “Мінск-Палац” меў сваю штогадовую прэмію па падабенстве з якім-небудзь “Оскарам”, дык статуэтка “За душэўнасць, абаяльнасць і пазітыў”, як піць даць, адыйшла б гэтаму унікальнаму і вельмі светламу чалавеку – Аляксею Талаю.

Мы фантазуем, а ён і тут – зрабіў. І пасля матывавальнай сустрэчы ў нашых сценах уручыў у якасці дырэктара свайго дабрачыннага фонду дыплом Мінскаму гарадскому палацу культуры – «За добрыя справы, любоў да Радзімы і вернасць традыцыям».

Сёння Аляксей Талай -- прадпрымальнік, дабрачыннік, удзельнік паралімпійскай зборнай Беларусі па плаванні, шматразовы рэкардсмен Еўропы і свету, член Канстытуцыйнай камісіі… А галоўнае – шчаслівы муж і бацька трох сыноў і дачкі! Але ў траўні 1999-га, калі 16-гадовы Лёша падарваўся на міне часоў Другой сусветнай вайны і пазбавіўся рук ды ног, жыццё ўяўлялася яму суцэльнай бессэнсоўнай пакутай…

Як бы тое парадаксальна ні гучала, сустрэчы з Аляксеем патрэбныя ў першую чаргу нам. Бываюць такія людзі – крыніцы дзівоснага святла. Яны прымагнічваюць, зараджаючы невытлумачальнай энергетыкай. А яшчэ – матывуюць і надаюць унутранай моцы. Жыццё Аляксея Талай – спрэс яскравы доказ таго, наколькі бязмежныя чалавечыя магчымасці. Нават калі іх жорстка абмяжоўвае сам лёс.

Слоган «Святло, якое ў табе» -- гэта менавіта пра Аляксея. Але дзякуючы яму – цяпер хаця б крышачку і пра нас…